ЛАТЭРА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1929,

пагадненні па ўрэгуляванні канфлікту паміж Італіяй і папствам з-за «Рымскага пытання». Падпісаны 11.2.1929 Б.Мусаліні і кардыналам П.Гаспары. Складаліся з асн. дагавора, фін. канвенцыі і канкардату. У дагаворы Італія прызнавала каталіцызм «адзінай дзярж. рэлігіяй» у краіне, згаджалася на стварэнне на тэр. Рыма папскай дзяржавы — Ватыкана, прызнавала за святым прастолам права дыпламат. зносін з інш. дзяржавамі. Абвяшчалася, што «горад Ватыкан заўсёды і ва ўсякіх выпадках будзе разглядацца як тэрыторыя нейтральная і недатыкальная». Паводле фін. канвенцыі, Італія абавязвалася выплаціць Ватыкану 1750 млн. італьян. лір. Канкардат вызначаў правы і прывілеі італьян. каталіцкай царквы. Асн. дагавор дзейнічае дагэтуль. У 1984 Італія і Ватыкан зацвердзілі новую рэдакцыю канкардату, паводле якой абмежаваны прывілеі італьян. каталіцкай царквы.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)